Палiтыка
Ці прайшлі РБ і РФ пункт невяртання
Улада • 2010-06-23
Каментароў: (1) A / A Змяніць шрыфтНяма таго, што было раней
Беларусь дэманстратыўна не захацела выконваць умовы ўльтыматуму расійскага боку па выплаце газавага доўгу ў 192 мільярды долараў, выставіўшы “асіметрычнае” патрабаванне да расіян спачатку разлічыцца з даўгамі за транзіт газу па беларускай зямлі.
Праблемы з аплатай расійкага “блакітнага паліва” ўзнікалі і раней. Напрыклад, кантракты з расійскім “Газпрамам”, заключаныя на 2007 год, прадугледжвалі кошт на газ, які пастаўляецца ў Беларусь, на ўзроўні 100 долараў за 1 тысячу кубоў. Але беларускі бок падлічыў свой кошт, і ў выніку на сярэдзіну таго года запазычанасць перад расіянамі складала каля паўмільярда долараў. Праўда, тады Мінск даволі хутка пайшоў на поўнае пагашэнне доўгу.
У той час аб сусветным эканамічным крызісе нічога не было чуваць. Цяпер зусім іншая справа.
Знешнеэканамічных даўгоў назбіралася як ніколі.
Неўзабаве маюць адбыцца выбары. Менавіта пад іх беларусам быў абяцаны сярэдні заробак 500 долараў.
І ўсё роўна беларускі лідар пайшоў на максімальнае абвастрэнне стасункаў з Расіяй (няхай і на непрацяглы час), адбіраючы газ, які паступае праз тэрыторыю Беларусі ў краіны Еўрапейскага Саюза.
Чаму?
Меркаванні незалежных экспертаў на гэты раз разышліся ледзь не кардынальным чынам.
Адна частка экспертаў лічыць, што такім чынам Расія паказвае, што УЖО не прызнае вынікаў будучых прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне, і што для Беларусі пачалася зусім іншая палітычная і эканамічная рэальнасць.
Другая частка пераканана, што такімі паводзінамі беларускі лідар толькі павышае свой рэйтынг напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Маўляў, падчас мінулых выбарчых кампаній галоўнымі ворагамі выстаўляліся і апазіцыя, і Захад, цяпер жа дайшла чарга і да “плохой” Расіі, якая нікуды не дзенецца — праглыне чарговую “элегантную” перамогу А.Р.
Палітолаг Сяргей Нікалюк мяркуе, што ісціна палягае недзе пасярэдзіне: “Расійскія афіцыйныя асобы неаднаразова падкрэслівалі, што пакуль не бачаць альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Дый сама апазіцыя наўрад ці здольная вылучыць такую асобу, якая зможа змагацца на роўных з дзеючым прэзідэнтам. Да таго ж асабіста я не ўяўляю, што Расія не прызнае вынікаў выбараў прэзідэнта ў Беларусі. У рэшце рэшт, мы пакуль жывём у адзінай Саюзнай дзяржаве!”
Усё банальна
Разам з тым, па меркаванні Нікалюка, малаверагодна, што беларуска-расійскія адносіны вернуцца на сваю ранейшую арбіту: “Мне падаецца, што ў гэтых стасунках ужо пройдзены пункт невяртання — дэманстратыўна братэрскіх пацалункаў дый абдымкаў больш не будзе. Беларусь незадаволена паводзінамі сваго “бліжэйшага” партнёра ў энергетычнай і іншых сферах. Расіі вельмі не спадабалася, што А.Лукашэнка прытуліў у сябе Курманбека Бакіева. Надакучылі ёй і шматгадовыя абяцанні продажу найбольш “смачных” беларускіх прадпрыемстваў. Пэўна, ёсць і нейкая асабістая непрыязнасць на ўзроўні кіраўнікоў дзвюх дзяржаў”.
А ў прынцыпе, усё вельмі банальна: у нас пачынаюць разумець, што, па вялікім рахунку, за незалежнасць трэба плаціць па рыначных коштах.
За апошнія шэсць гадоў Беларусі ўдалося сэканоміць 37,7 млрд долараў за кошт набыцця расійскага газу і нафты па цэнах, ніжэйшых за рыначныя. Такія даныя прыводзяцца ў даследаванні эканаміста Даследчага цэнтра ІПМ Алены Ракавай “Энергетычны сектар Беларусі: павышаючы эфектыўнасць”. У выпадку з газам сітуацыя выглядала наступным чынам. У 2004—2006 гадах, калі сярэднееўрапейскі кошт на газ складаў ад 137 да 261 долара за тысячу кубаметраў, Беларусь плаціла за гэты аб’ём толькі 47,8 долара. У 2007—2009 гадах гэтая дыспрапорцыя захавалася. У выніку, дзякуючы набыццю газу па адносна нізкіх цэнах штогодная эканомія Беларусі складала 3,25 млрд долараў, зазначае А.Ракава. Агульны аб’ём выгод, атрыманых Беларуссю ад нізкіх цэн на газ за 6 гадоў, эксперт ацэньвае ў 19,5 млрд долараў. Што тычыцца нафты, то, па экспертнай ацэнцы А.Ракавай, у 2004—2009 гадах Расія, пастаўляючы ў Беларусь нафту па нізкіх цэнах, прадаставіла Беларусі схаваных субсідый прыкладна на 18,2 млрд долараў.
Віктар АЛЯШКЕВІЧ



КАМЕНТАРЫ
Skaucki • 24.06.2010 16:53
Мне здаецца, што відавочнай з'яўляецца варыянт "прасоўвання згоды" еўрапейцаў на праект Паўночнага патока праз Балтыку. Гэты праект, зялены колер якому быў дадзены падчас перамоваў Шродэра з расійскімі элітамі, у штыкі ўспрыняты многімі краінамі Скандынавіі і Усх.Еўропы. Прычынай супраціву "чыста бізнесу" называлася пагроза экалогіі. Катастрофа ў Мексіканскім заліве, калі аўтарытэт саліднай кампаніі БіПі не дапамагае выратаваць наваколле, магчыма, назаўседы пахаваў бы лаяльнасць Еўропы да падводнай газатрубы і гарантый экалагічнай бяспекі з боку Расіі. І вось цяпер навязваецца думка, маўляў, "бачыце, спачатку Украіна, цяпер Беларусь.. Энергетычная стабільнасць Еўропы пад пагрозай!" Такі лямант Газпрома можа ўздзейнічаць. Сапраўды, праблема там, дзе яе не чакалі. 20 адсоткаў ціску, маўляў, у еўрапейскай трубе.. і г.д. Можа, сапраўды, справа больш мярзотная?
НОВЫ КАМЕНТАР