Погляд
Невядомая вайна на захадзе
Максім Пешка • 2010-05-31
Каментароў: (3) A / A Змяніць шрыфтІ хоць сёлета 9 мая на Краснай плошчы ў Маскве ўпершыню побач з расійскімі вайскоўцамі шпацыравалі жаўнеры былых саюзных дзяржаў — краін антыгітлераўскай кааліцыі, а таксама войска польскага, у стаўленні да Другой сусветнай вайны на постсавецкай прасторы мала што змянілася.
Расійская Дума абурылася тым, што Еўрапейскі суд у Страсбургу адхіліў пазоў савецкага ветэрана Конанава да Латвіі, дзе ён быў асуджаны і адсядзеў паўтара года за ваеннае злачынства. Якое злачынства? А такое: Конанаў, будучы партызанам, усяго толькі спаліў некалькі жыхароў латышскай вёскі за памаганне нямецкім акупантам, сярод іх — маладую жанчыну на дзявятым месяцы цяжарнасці. Дапамагалі тыя людзі гітлераўцам ці не, дакладна невядома. Так вырашыў тады партызанскі “суд”, а юны мсціўца гэтае рашэнне выканаў. Не толькі расійскія палітыкі, а нават і многія журналісты — напрыклад, Леанід Млечын, вядомы сваімі кнігамі па гісторыі, — перакананы, што так і трэба было рабіць. Калі частка латышоў ваявала на баку Германіі, значыць, яны былі ворагамі доблеснай Чырвонай Арміі, якая вызваліла чалавецтва ад фашызму. А ворага, як вядома, трэба знішчаць бязлітасна. Хай нават некаторыя партызаны забівалі жанчын і дзяцей — гэта ж былі нашы, савецкія людзі, а не нейкія там фашысты, якія палілі Хатынь!
Вось такая логіка. Паводле яе, акупацыю краін Балтыі 70 гадоў назад і акупацыяй назваць нельга. Па-першае, прыбалтыйскія рэспублікі былі абвешчаны савецкімі і добраахвотна ўвайшлі ў СССР. Па-другое, Савецкі Саюз у мэтах самаабароны быў вымушаны масава дэпартаваць у Сібір “антысавецкія элементы”, у тым ліку і з заходніх абласцей Беларусі ды Украіны пасля іх уз’яднання з БССР і УССР.
Тое, што адбывалася ў 1940 годзе на Захадзе, у савецкіх і постсавецкіх падручніках называецца “дзіўнай вайной”. Дзеянні Англіі апісваюцца як нясмелыя і маладушныя, а вось гітлераўскі бліцкрыг — заваяванне Францыі, Бельгіі, Галандыі, Даніі, Нарвегіі — падаецца з амаль непрыхаваным захапленнем. Аднак не згадваецца, што гэта пакт Молатава-Рыбентропа дазволіў Гітлеру перакінуць асноўныя сілы вермахта на Захад і атрымаць вырашальную перавагу над Францыяй, якая капітулявала імгненна.
Пісьменнік Ілья Эрэнбург напісаў у той час раман “Падзенне Парыжа”, які прывёў у захапленне Сталіна: вось яна, прагнілая наскрозь буржуазная Еўропа!
Але ёсць прынамсі адзін ваенны эпізод, які выпадае з савецкай канцэпцыі гісторыі. З 27 мая па 4 чэрвеня 1940 года з порта Дзюнкерк на поўначы Францыі ва ўмовах бесперапынных налётаў нямецкіх люфтвафе Вялікабрытаніі ўдалося эвакуіраваць морам вялікую колькасць войскаў (у тым ліку французскіх), якія трапілі ў аблогу. Спачатку ўрад Чэрчыля разлічваў вывезці 100 тысяч сваіх жаўнераў, але цаной гераічных намаганняў удалося ўратаваць жыцці 340 тысяч чалавек, яшчэ 190 тысяч былі эвакуіраваны з порта Бардо і з Нармандыі. Праз чатыры гады саюзнікі адкрыюць другі фронт, таксама ў Нармандыі.
Полк СС пад Дзюнкеркам расстраляў сто брытанскіх жаўнераў, якія здаліся пасля таго, як у іх скончыліся боепрыпасы. У сталінскім СССР, як вядома, усіх, хто здаваўся ў палон немцам, абвяшчалі здраднікамі. У Брытаніі тыя жаўнеры сталі героямі. (Афіцэр, які загадаў расстраляць палонных, пасля вайны быў павешаны як ваенны злачынца.)
Вораг на Захадзе і на Усходзе быў адзін і той жа. Вось толькі войны, сапраўды, былі розныя, бо розным было стаўленне да чалавечага жыцця. Уласна кажучы, за 70 гадоў у гэтым сэнсе нічога не змянілася.
Максім ПЕШКА



КАМЕНТАРЫ
Сяргей • 10.06.2010 15:40
"Тое, што адбывалася ў 1940 годзе на Захадзе, у савецкіх і постсавецкіх падручніках называецца “дзіўнай вайной” ------------------------------------------------------------------------- “Дзіўнай вайной” гэта называецца не толькi "у савецкіх і постсавецкіх падручніках". Я ведаю франц. мову i чытаў падручнiкi франц. аўтараў па гiсторыi Другой сусветнай вайны. Дык вось там гэтыя дзеяньнi таксама называюць "дзiўнай вайной". Па-французску гэта завецца 'Drôle de guerre'. Так што, гэта не наша прыдумка.
Сципион • 11.06.2010 01:13
Как ни странно, "странная война" на всех языках называется странно войной. По-английски, к примеру, она называется phoney war. Но у автора, я так понимаю, задача скорее идеологическая, чем историческая...
MP • 11.06.2010 14:38
А ці не здаецца вам, спадарства, што Англія і Францыя маюць права называць тую вайну "дзіўнай" альбо як заўгодна яшчэ, бо яны не баяцца ўласнага мінулага? А савецкім і постсавецкім гісторыкам на пачатку варта напісаць праўду пра 1939, 40 і ўсе астатнія гады. Бо савецкая (сталінская) гістарыяграфія гэта і ёсць ідэалогія ў чыстым выглядзе.
НОВЫ КАМЕНТАР