Рэгiёны

Крухмальныя пакуты

Магілёў  •  2010-02-09

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт Лінія па вытворчасці крухмалу
Вось ужо паўтара года працуе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна крухмальны завод, дзякуючы якому ААТ “Новая Друць” павінна была дасягнуць вялікага росквіту і такіх жа заробкаў. На жаль, вялікімі ў гаспадарцы пакуль застаюцца толькі даўгі.

САГА ПРА КІТАЙСКУЮ ЯКАСЦЬ

Мясцовы крухмальны завод — дзецішча беларуска-кітайскай дружбы. Гэтае прамысловае “дзіця” міждзяржаўных адносін павінна было “стаць на ногі” і “пайсці” яшчэ ў 2007 годзе. Праўда, незалежныя ад гэтых адносін назіральнікі ўжо тады дзівіліся: навошта везці кітайскае абсталяванне (што такое кітайская якасць, ведаюць многія) за дзесяць тысяч кіламетраў, калі, напрыклад, у Нямеччыне (побач!) робяць лепшыя ў свеце лініі па вытворчасці крухмалу?! Прычым нямецкія спецыялісты заўсёды гарантуюць бездакорную працу свайго абсталявання на некалькі гадоў наперад і самі, калі што, праводзяць неабходныя (так званыя рэгламентныя) работы. Аднак перамагла, як у нас часцяком бывае, не эканамічная, а зусім іншая мэтазгоднасць.

Трэба заўважыць, што летась падобны завод быў запушчаны ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Акрамя аналагічных праблем абодва згаданыя прадпрыемствы родніць тое, што яны належаць Нацыянальнаму банку.

"ДРОБЯЗІ" З ТЭРМІНАМІ ЗАПУСКУ

Аднак вернемся ў Бялынічы. Пра здачу ў эксплуатацыю завода тут было абвешчана незадоўга да апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Насамрэч афіцыйны акт аб гэтым быў падпісаны амаль праз тры месяцы — напрыканцы лістапада 2008 года.

Праўда, з-за шматлікіх пераможных інтэрв’ю і гучных урачыстасцей на такую дробязь ніхто не звярнуў асаблівай увагі. Але завод даволі хутка сам нагадаў пра сябе: ужо ў снежні таго ж года ўзніклі праблемы, звязаныя з тэхналагічнай лініяй, якія тлумачыліся маразамі на двары, хаця, па нашых мерках, маразы былі не такімі ўжо і моцнымі. Ды і ўвогуле: хіба тэхнолагі, якія замаўлялі абсталяванне, не ведалі, што ў Беларусі бывае зіма?! Некаторыя “спецы”, праўда, тлумачылі паломкі тым, што бульба, якая з буртоў завозілася на завод для перапрацоўцы, нярэдка траплялася з камянямі і саломай. Гэта вымушала перабіраць яе ўручную ўжо на заводзе. Жанчынам-работніцам перападала дадатковая нагрузка, аднак іх заробкі ад такой некваліфікаванай працы змяншаліся. На заводзе пачалася цякучасць кадраў...

Але крухмалу прадпрыемства вырабіла шмат. Мяшкамі з прадукцыяй былі забіты ўсе заводскія сховішчы. Праўда, гэта радавала толькі мышэй. Дарэчы, яны сапраўды сапсавалі процьму мяхоў, з-за чаго крухмал неаднаразова даводзілася перасыпаць. Тым часам з-за вялікіх цэн на прадукцыю завода (з прычыны яе высокага сабекошту) пакупнікоў на бялыніцкі крухмал амаль не знаходзілася.

МЫТНЫЯ ПОШЛІНЫ ЯК ПАРАТУНАК

Толькі напрыканцы мінулага года і ў пачатку гэтага сітуацыя з рэалізацыяй прадукцыі крыху палепшыліся. Але ў значнай ступені гэта адбылося толькі за кошт таго, што ўказам кіраўніка дзяржавы былі рэзка павялічаны мытныя пошліны на імпартны крухмал. Спрацавала на карысць завода і тое, што нарэшце тут атрымалася запусціць тэхналагічную лінію па вытворчасці так званага катыённага крухмалу. У набыцці гэтай прадукцыі вельмі зацікаўлены Шклоўскі завод газетнай паперы, бо выкарыстанне такога крухмалу неабходна для вытворчасці якаснай паперы.

...І ўсё ж крухмальны завод у Цяхціне працуе ў адну змену (тэхналагічна ён павінен быць задзейнічаны ў тры змены). А ў блізкім часе і ўвогуле можа спыніцца: бульбы для перапрацоўкі ў ААТ “Новая Друць” засталося зусім няшмат. Яе няма дзе і набыць, бо краіна, як вядома, назапасіла бульбы “на крухмальныя мэты” ажно ў 10 разоў менш ад патрэбнага. Дарэчы, і тая бульба, што ёсць, з-за нізкай якасці не даязджае да завода. На бульбасховішчах у гаспадарцы працуе пастаянная брыгада па пераборцы, каб уратаваць хоць бы тую бульбу, што засталася. Ды і сёлетнія маразы, калі яны сапраўды маюць значэнне для працы заводскага абсталявання, непараўнальна мацнейшыя за леташнія. Зараз на крухмальным заводзе ніхто не можа сказаць, колькі часу прадпрыемства яшчэ будзе працаваць у гэтым годзе. Няма дакладнасці і ў пытанні набыцця неабходнай сыравіны (бульбы) у іншых гаспадарках Беларусі. Да таго ж кіраўніцтва прадпрыемства цяпер занята пошукам выйсця з цяжкага становішча па аплаце электраэнергіі, спажытай за мінулы год. Што тычыцца шараговых работнікаў, то яны заклапочаны сваімі нізкімі заробкамі.

БЯЛЫНІЦКІ ЗАВОД — НЕ ДОГМА

Не, магчыма, існуюць так званыя аб’ектыўныя прычыны, па якіх завод не даў таго, на што спадзяваліся. Нам жа здаецца, што асноўная з іх — гэта стварэнне прадпрыемства без дакладнага, дэталёвага праліку ўсіх складнікаў магчымага эфекту і магчымага ўрону. Напрыклад, сярэдняя крухмалістасць бульбы ў суседняй Польшчы ўдвая перавышае той паказчык, якога дасягаюць у нас. Можна было больш дакладна спрагназаваць і ўраджай бульбы. Вядома, неабходна было пралічыць і ўздзеянне маразоў на абсталяванне… Аднак спланавалі і пралічылі толькі затраты на будаўніцтва завода, а гэта больш за 10 мільярдаў рублёў.

І ўсё гэта пры тым, што раней у саміх Бялынічах шмат гадоў працаваў крухмальны завод, паказчыкі якога былі аднымі з найлепшых у краіне. Аднак новы ўладальнік ААТ “Новая Друць” у асобе Нацыянальнага банка вырашыў займець уласны “свечачны завод”. Пакуль жа з гэтай ідэі атрымалася тое, пра што распаведзена вышэй.

Іван БАРЫСАЎ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI